Дзённік настаўніцы. 3 - 4 верасня
3 верасня
Алесь Адамовіч для мяне – самы значны паваенны беларускі літаратар. І па тым месцы, якое ягоныя творы займаюць унутры маёй канцэпцыі літаратурнага свету, і па тым, што ведаю пра яго як пра чалавека.
Менавіта сёння – і на будучыя часы – вельмі важна ўспрыняць той баланс дакументальнай праўды і мастацкага яе адлюстравання, які адкрыў і ўвасобіў менавіта Адамовіч. Усё, што будзе пісацца потым – сто і дзвесці год потым – пра цяперашнія часы, мусіць пісацца з аглядкай на пісьменніцкі талент і досвед Алеся Адамовіча.
Самыя важныя ягоныя кнігі для мяне: "Блакадная кніга" (сумесна з Д.Граніным), "Нямко", "Вянера, альбо як я быў прыгоннікам", "Я з вогненнай вёскі" – і любая публіцыстыка.
Сёння – 95 год. Дата адзначаецца па афіцыйным календары, бо сапраўды ён нарадзіўся годам раней – частая гісторыя даваенных дакументаў аб нараджэнні.
4 верасня
Сёння тату – семдзесят:)
Прынята пісаць – "было б", але чаму – было б? Семдзесят і ёсць:) Кожны дзень – у думках, у гутарках, ва ўчынках, у рашэннях, якія мы прымаем. Мне пашансціла мець менавіта гэтага тату. Дзякуй табе, што ты ёсць.
АРХЕТЫПЫ
Дальбог, я ўсё яшчэ дзіця.
Такі ўжо лёс, відаць, мне выпаў,
Што пра складанасці жыцця
Пішу на ўзроўні архетыпаў.
Зярняткі словаў на сяўбе
Дзяўбу з упартасцю грачынай,
На белы свет і на сябе
Гляджу адкрытымі вачыма.
Мне птушкай хочацца ляцець,
Куляцца зайчыкам у травы…
Не кожны можа зразумець
Мае дзіцячыя забавы.
Пакуль ёсць сілы і імпэт,
Няхай радок сяброў збірае.
Жыві, жыві, мой светлы свет,
Які я кожны дзень ствараю!
***
Exegi monumentum
Кому-то – бронза.
Кому-то – камень.
Кому-то – гипс.
А мне беззвёздно
К оконной раме –
Осенний лист.
К нему дождинка
Придёт поплакать,
Что не вернусь.
И паутинка,
Как чья-то память
И чья-то грусть.
***
СЯВЕНЬКА
Вось сявенька.
Хай маленька,
Але ж мной нажыта.
Я вазьму з сявенькі жменьку
І пасею жыта.
З жытам жыці
Добра людзям
Пры любой нагодзе.
І калі мяне не будзе,
Хай жыты ўзыходзяць.
...
Аднойчы – я тады шчэ працавала ў Смалявіцкай гімназіі, і гэта былі шчаслівыя гады ў тым жыцці, дзе не было вайны і рэпрэсій – я сядзела на прыступках у двары школы і выпасала дзяцей летняга лагеру. Дзеці заняліся сваімі справамі і мяне не тузгалі, хтосьці ціхенька маляваў крэйдай на асфальце, хтосьці рабіў "сакрэцікі", хтосьці грукаў мячыкам, адным словам, гэта быў момант усясветнай раўнавагі ў часе і прасторы. Я дапісвала тады "Бельгію", таму ўвесь гэты свет літаратуры тых дваццатых віраваў ува мне штохвілінна.
Дзеці мірна мармыталі нешта сваё дзіцячае у мяне пад рукамі, а я сядзела і думала пра тое, пра што шкадуе паэт перад смерцю. Пра тое, што нешта не дапісаў? Нешта не выдаў? Пра тое, што ягоныя кнігі выкінуць з бібліятэк? Што дома засталіся рукапісы?
Было прыгожае ранняе лета, дрэвы папросту, што называецца, "у хатнім", раскошавалі без усялякай помпы на звычайным школьным двары, а ў гаражах туды-сюды павольна хадзілі маладыя хлопцы – ці то рамантавалі матацыкл, ці то проста выбраліся разам патусавацца, сказаўшы жонкам, што рамантуюць матацыкл.
І на мяне раптам зваліўся інсайт) Што сама шкада – вось гэтага. Непампезных дрэваў у двары, крэйды на асфальце, бзыкання мухі аб шкло, дзіцячага мармытання побач. Матацыкла, які трэба рамантаваць.
Вельмі простая і відавочная думка, але мне патрэбны быў час, каб яе спасцігнуць.
Месяц таму проста на маіх вачах здарыўся інсульт у Лідзіі Маркаўны, пляменніцы Алеся Дудара. Я літаральна гэта бачыла "у працэсе": я прыбегла да яе, калі яна яшчэ стаяла на нагах і гаварыла, а праз пяць гадзін, калі я ўжо выйшла з бальніцы, паклаўшы яе ў неўралогію, яна не рухалася і не размаўляла.
Цяпер яна знаходзіцца ў прыватным пансіянаце, там добры ўход, я раз на тыдзень бываю ў яе – часцей не магу. Яна блага размаўляе, але іншы раз я магу разабраць. Учора яна паглядзела паўз мяне і з дакорам спытала: "навошта". Я ведаю, што яна мела на ўвазе. Лідзія Маркаўна зусім нерэлігійны чалавек, і вельмі практычна, нават у нечым халодна ставіцца да пытання жыцця і смерці і не любіць пафасу.
Я ёй сказала: будзе дзень, мы падыйдзем з вамі да вакна, і я вам пакажу, якія там палі і дрэвы.
Яна прыкрыла вочы. Думаю, яе мусіў задаволіць такі адказ.
Чаму я пра гэта ўвесь вечар думаю і чаму пішу. Ведаеце, ніхто не адымае ў нас неба, палі і дрэвы. Жыццё – даволі гаўняцкая рэч, калі спадзявацца на людскую дабрыню, напрыклад, удзячнасць альбо справядлівасць. Ну то бок – файна, калі яны ёсць, але калі няма – гэта як бы статус кво, што тут крыўдаваць альбо кідацца ў роспач. Чалавек – дзіўная і небяспечная істота.
Але мы можам глядзець на сонца, неба, поле, дождж, раку, сабаку. Абдымаць дзяцей. Смажыць рыбу. Знайсці ў лесе грыб. Пабачыць павуцінне ці квадраты сонца на столі.
Можа быць, божы промысел у тым – каб быў нехта, хто гэта бачыць. Рабіце што хочаце, няўдалыя дзеці мае, але дасканаласць майго астатняга свету нехта мусіць сузіраць.
Самае важнае ў жыцці кожнаму з нас даступна, пакуль мы жывем, вось я да чаго.
