Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.online)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 20 кастрычніка

Дзённік настаўніцы. 20 кастрычніка

Ганна Севярынец
20.10.2022

З усіх герояў маіх даследчых кніжак – Дубоўка, Дудар, Чарот, Глебка – апошні падаваўся мне самым нецікавым. Яно і ясна: у параўнанні з бездакорным волатам Дубоўкам, харызматычным бунтаром Дударом, Чаротам - вялікім майстрам хадзіць па лязе брытвы – Глебка выглядаў нейк сумна. Ані гераічных учынкаў, ані гучных словаў, ані звонкіх вершаў, ані трагічнага лёсу. Калі б не АІФ, які добрым і нядобрым словам пінаў мяне ўвесь час працы, я б яе і не дарабіла б.

Між тым гэта Глебка захаваў адну з самых вялікіх міжваенных бібліятэк, агромністы архіў ліставання з рэпрэсаванымі і расстралянымі сябрамі, дапамагаў жонкам і дзецям загінулых у Гулагу, спакойна, але няспынна прасоўваў беларускую лінію ў Акадэміі Навук, і нават – кранальны факт – аддаў гадзіны, прысвечаныя яму ў школьнай праграме, на вывучэнне Купалы. Проста ўзяў і ў акадэмічнай рэцэнзіі на праграму па белліце свае гадзіны зняў, а Купалу – дапісаў.

Ува мне ўсё болей і разумення, і шкадавання, і павагі, і цікавасці да яго.

Калі хто калісьці паспеў набыць кніжку "Вакол Пятра Глебкі" – пачытайце. Там шмат,  да крыўднага шмат пра нас цяперашніх, тых, хто застаўся дома. Дарэчы, яна шчэ іншы раз пракідаецца ў кніжных крамах. Нядаўна нехта мне казаў, што ўдалося набыць.

…

Упартыя беларускія ружы) Іх і марозіць, і залівае, і жарэ, і сушыць, а яны за сваё.

 

Зыходны URL: https://nastaunik.online/blogs/sieviaryniec/18463