Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.online)

Галоўная старонка > 20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта “Першыя” для старшакласнікаў.

20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта “Першыя” для старшакласнікаў.

16.02.2021

Ідэя, якая можа змяніць свет

20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта “Першыя” для старшакласнікаў.

На першай анлайн-сустрэчы, якая адбудзеццца ў бліжэйшую суботу на сайце www.generation.A1.by [1] (пачатак у 11.00), гаворка пойдзе пра тое, як ствараць тэхналогіі будучыні і прытрымлівацца моды з клопатам аб прыродзе. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усёй краіны.

Першы блок, які адкрые майстар-клас “Тэхналогіі. Экалогія”, будзе прысвечаны тэме “VR і AR-тэхналогіі, якія зменяць заўтрашні дзень”. Спікерам выступіць Мітрый (менавіта Мітрый!) Соркін -- сузаснавальнік і крэатыўны прадзюсар IT-кампаніі FeelingDigital. А ў якасці спецыяльнага госця на сустрэчу запрошаны пераможца мінулага сезону конкурсу “Першыя” Самуіл Алексін, які прапанаваў дадаць у школьную праграму курсы робататэхнікі.

Тэма другога блока -- “Модны фестывальны рух у гармоніі з прыродай -- сумясціць і атрымаць профіт”. Яго спікерам стане Ганна Александронкава -- каардынатар Міжнароднага фестывалю-узаемадзеяння з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі SPRAVA, які праводзіцца ў вёсцы Белая Царква ў Віцебскай вобласці. Дапоўніць прэзентацыю экалагічных праектаў яшчэ адзін спецыяльны госць -- таксама пераможца мінулага сезону конкурсу “Першыя” Кацярына Янголь, якая год таму прапанавала добраўпарадкаваць рачны бераг у сваім родным гарадку Крэва і зрабіць там танцпляцоўку.

Пасля выступленняў спікераў удзельнікі майстар-класа змогуць пагутарыць з імі ў чаце і задаць свае пытанні. Аўтары самых складаных і цікавых з іх, зарэгістраваныя на сайце праекта, атрымаюць каштоўныя падарункі.

Мэта адукацыйнай праграмы “Першых” заключаецца ў тым, каб паказаць школьнікам, якія праекты ўжо ёсць у Беларусі ў сферы культуры, інклюзіі, урбаністыкі, экалогіі і тэхналогій, і як адна ідэя можа змяніць да лепшага жыццё многіх людзей. Гэта дапаможа старшакласнікам падзяліцца сваім меркаваннем па кожнай з тэм і прыдумаць уласны праект, каб падаць яго на конкурс ідэй “Першыя”, прэзентаваць на міжнароднай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth @ Minsk і атрымаць iPhone 12.

Адукацыйная праграма праекта “Першыя” працягнецца ў сакавіку. Прыём заявак для старшакласнікаў на ўдзел у конкурсе ідэй па пяці напрамках -- “Тэхналогіі”, “Культура”, “Інклюзія”, “Экалогія” і “Урбаністыка” -- адкрыты да 30 красавіка. Для гэтага трэба зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com [2]

Сацыяльна-адукацыйны праект “Першыя” рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Усе мерапрыемствы праходзяць на беларускай мове, у тым ліку майстар-класы і публічныя выступленні фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу -- пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і рост яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.

Падрабязнасці шукайце на сайце www.generation.A1.by [1]


Зыходны URL: https://nastaunik.online/news/17876

Спасылкі
[1] http://www.generation.a1.by/
[2] mailto:generationA1.2021@gmail.com