Дзённік настаўніцы. 3 - 4 верасня

Ганна Севярынец
04.09.2022

3 верасня

Алесь Адамовіч для мяне – самы значны паваенны беларускі літаратар. І па тым месцы, якое ягоныя творы займаюць унутры маёй канцэпцыі літаратурнага свету, і па тым, што ведаю пра яго як пра чалавека.

Менавіта сёння – і на будучыя часы – вельмі важна ўспрыняць той баланс дакументальнай праўды і мастацкага яе адлюстравання, які адкрыў і ўвасобіў менавіта Адамовіч. Усё, што будзе пісацца потым – сто і дзвесці год потым – пра цяперашнія часы, мусіць пісацца з аглядкай на пісьменніцкі талент і досвед Алеся Адамовіча.

Самыя важныя ягоныя кнігі для мяне: "Блакадная кніга" (сумесна з Д.Граніным), "Нямко", "Вянера, альбо як я быў прыгоннікам", "Я з вогненнай вёскі" – і любая публіцыстыка.

Сёння – 95 год. Дата адзначаецца па афіцыйным календары, бо сапраўды ён нарадзіўся годам раней – частая гісторыя даваенных дакументаў аб нараджэнні.

 

...

4 верасня

 

Сёння тату – семдзесят:)

Прынята пісаць – "было б", але чаму – было б? Семдзесят і ёсць:) Кожны дзень – у думках, у гутарках, ва ўчынках, у рашэннях, якія мы прымаем. Мне пашансціла мець менавіта гэтага тату. Дзякуй табе, што ты ёсць.

АРХЕТЫПЫ

Дальбог, я ўсё яшчэ дзіця.

Такі ўжо лёс, відаць, мне выпаў,

Што пра складанасці жыцця

Пішу на ўзроўні архетыпаў.

Зярняткі словаў на сяўбе

Дзяўбу з упартасцю грачынай,

На белы свет і на сябе

Гляджу адкрытымі вачыма.

Мне птушкай хочацца ляцець,

Куляцца зайчыкам у травы…

Не кожны можа зразумець

Мае дзіцячыя забавы.

Пакуль ёсць сілы і імпэт,

Няхай радок сяброў збірае.

Жыві, жыві, мой светлы свет,

Які я кожны дзень ствараю!

***

               Exegi monumentum

Кому-то – бронза.

Кому-то – камень.

Кому-то – гипс.

А мне беззвёздно

К оконной раме –

Осенний лист.

К нему дождинка

Придёт поплакать,

Что не вернусь.

И паутинка,

Как чья-то память

И чья-то грусть.

***

СЯВЕНЬКА

Вось сявенька.

Хай маленька,

Але ж мной нажыта.

Я вазьму з сявенькі жменьку

І пасею жыта.

З жытам жыці

Добра  людзям

Пры любой нагодзе.

І калі мяне не будзе,

Хай жыты ўзыходзяць.

 

 

 ...

 

 Аднойчы – я тады шчэ працавала ў Смалявіцкай гімназіі, і гэта былі шчаслівыя гады ў тым жыцці, дзе не было вайны і рэпрэсій – я сядзела на прыступках у двары школы і выпасала дзяцей летняга лагеру. Дзеці заняліся сваімі справамі і мяне не тузгалі, хтосьці ціхенька маляваў крэйдай на асфальце, хтосьці рабіў "сакрэцікі", хтосьці грукаў мячыкам, адным словам, гэта быў момант усясветнай раўнавагі ў часе і прасторы. Я дапісвала тады "Бельгію", таму ўвесь гэты свет літаратуры тых дваццатых віраваў ува мне штохвілінна.

Дзеці мірна мармыталі нешта сваё дзіцячае у мяне пад рукамі, а я сядзела і думала пра тое, пра што шкадуе паэт перад смерцю. Пра тое, што нешта не дапісаў? Нешта не выдаў? Пра тое, што ягоныя кнігі выкінуць з бібліятэк? Што дома засталіся рукапісы?

Было прыгожае ранняе лета, дрэвы папросту, што называецца, "у хатнім", раскошавалі без усялякай помпы на звычайным школьным двары, а ў гаражах туды-сюды павольна хадзілі маладыя хлопцы – ці то рамантавалі матацыкл, ці то проста выбраліся разам патусавацца, сказаўшы жонкам, што рамантуюць матацыкл.

І на мяне раптам зваліўся інсайт) Што сама шкада –  вось гэтага. Непампезных дрэваў у двары, крэйды на асфальце, бзыкання мухі аб шкло, дзіцячага мармытання побач. Матацыкла, які трэба рамантаваць.

Вельмі простая і відавочная думка, але мне патрэбны быў час, каб яе спасцігнуць.

Месяц таму проста на маіх вачах здарыўся інсульт у Лідзіі Маркаўны, пляменніцы Алеся Дудара. Я літаральна гэта бачыла "у працэсе": я прыбегла да яе, калі яна яшчэ стаяла на нагах і гаварыла, а праз пяць гадзін, калі я ўжо выйшла з бальніцы, паклаўшы яе ў неўралогію, яна не рухалася і не размаўляла.

Цяпер яна знаходзіцца ў прыватным пансіянаце, там добры ўход, я раз на тыдзень бываю ў яе – часцей не магу. Яна блага размаўляе, але іншы раз я магу разабраць. Учора яна паглядзела паўз мяне і з дакорам спытала: "навошта". Я ведаю, што яна мела на ўвазе. Лідзія Маркаўна зусім нерэлігійны чалавек, і вельмі практычна, нават у нечым халодна ставіцца да пытання жыцця і смерці і не любіць пафасу.

Я ёй сказала: будзе дзень, мы падыйдзем з вамі да вакна, і я вам пакажу, якія там палі і дрэвы.

Яна прыкрыла вочы. Думаю, яе мусіў задаволіць такі адказ.

Чаму я пра гэта ўвесь вечар думаю і чаму пішу. Ведаеце, ніхто не адымае ў нас неба, палі і дрэвы. Жыццё – даволі гаўняцкая рэч, калі спадзявацца на людскую дабрыню, напрыклад, удзячнасць альбо справядлівасць. Ну то бок –  файна, калі яны ёсць, але калі няма –  гэта як бы статус кво, што тут крыўдаваць альбо кідацца ў роспач. Чалавек – дзіўная і небяспечная істота.

Але мы можам глядзець на сонца, неба, поле, дождж, раку, сабаку. Абдымаць дзяцей. Смажыць рыбу. Знайсці ў лесе грыб. Пабачыць павуцінне ці квадраты сонца на столі.

Можа быць, божы промысел у тым – каб быў нехта, хто гэта бачыць. Рабіце што хочаце, няўдалыя дзеці мае, але дасканаласць майго астатняга свету нехта мусіць сузіраць.

Самае важнае ў жыцці кожнаму з нас даступна, пакуль мы жывем, вось я да чаго.