
Беларуская мова – за прыватную ўласнасьць на ўсё. Піша Вінцук Вячорка
Такі беларускі сказ: Папрасі яго забраць рэчы – і ягоныя, і братавыя. Усё зразумела. Але ў паслоўным перакладзе на расейскую яснасьць затуманьваецца:
«Попроси его забрать вещи – и его, и брата».
Прыналежнаму займеньніку (чый?) ягоны адпаведніка ў расейскай мове няма. У клясычнай беларускай моўнай традыцыі прыналежныя займеньнікі ўтвараюць цэласную сыстэму. Акрамя звычайных для кожнае мовы
я, ты – мой, твой
мы, вы – наш, ваш,
ёсьць
ён – ягоны
яна – ейны
яны – іхны (з варыянтам іхні)
усе – усіхны
(можна яшчэ нагадаць і пра ветлівае Вашаць – Вашэцеў, Вашэцін).
Звычайна, калі аналягічных словаў у расейскай няма ці не засталося, то беларускія слоўнікі і граматыкі савецкай традыцыі іх або не падаюць зусім, або стылёва абмяжоўваюць.
Вось і шасьцітамовы Тлумачальны слоўнік запісвае прыналежныя займеньнікі 3-й асобы ў «размоўныя». Але прыклады падае паэтычныя або нэўтральныя, прычым ад аўтарытэтных творцаў.
|
Ейны. Размоўнае. Тое, што і яе (у 2 знач.). Струны на скрыпачцы – яшчэ ня ўсё, каб можна было ад ейных песень аж плакаць (Віктар Карамазаў) Ягоны. Размоўнае. Тое, што і яго (у 2 знач.). Зеленюка ўжо не было. У ягоным пакоі непрыкметна кінулася ў вочы халоднае бязладзьдзе. (Міхась Зарэцкі) |
Слова ж іхны, таксама «абласное», Тлумачальны слоўнік ілюструе прыкладам з самога К. Крапівы, а акадэмічная граматыка – прыкладам са Зьмітрака Бядулі:
Вабяць вочы, нібы ўспаміны,
Цэлы сьвет іграе ў іхным зьзяньні…



